Гарачая, а не цёплая філалогія

Чым адрозніваюцца ўмовы працы ўкраінскіх філолагаў ад беларускіх? Я змагла гэта пабачыць на навуковай канферэнцыі, што прайшла на возеры Свіцязь.

Не ўсе беларусы ведаюць, што Свіцязь не адна. Акрамя беларускай, апетай Міцкевічам, ёсць яшчэ не менш прыгожае возера ва Украіне, цэнтр Нацыянальнага парка і курорт. Менавіта там мае базу Усходнеславянскі нацыянальны ўніверсітэт імя Лесі Украінкі, што месціцца ў Луцку. На ёй і прайшла навуковая канферэнцыя «Лінгвастылістыка ХХІ стагоддзя: стан да перспектывы развіцця». Да слова, СНУ — менавіта той ўніверсітэт, у якім па ініцыятыве дэкана факультэта філалогіі і журналістыкі Юрыя Громыка з гэтага года будзе вывучацца беларуская мова.)

У канферэнцыі бралі ўдзел украінскія філолагі з Луцка, Львова, Адэсы, Харкава, а таксама госці з Беларусі.

Адкрывае канферэнцыю дэкан факультэта філалогіі і журналістыкі СНУ імя Лесі Украінкі Юрый Громык.

Галоўнае, што ўразіла — украінскія філолагі адчуваюць сябе дзяржаўнікамі і дзяржаватворцамі. Ні на каго не аглядаюцца. Навуковая дакладнасць і бязмерная захопленасць роднай мовай — вось тое, што імі кіруе. На канферэнцыі, натуральна, абмярковаўваліся розныя прафесійныя філалагічныя праблемы, але чырвонай ніткай праходзіла галоўная тэма — захаванне і развіццё ўкраінскай мовы.

Адной з зорак канферэнцыі была доктарка філалагічных навук, прафесарка Нацыянальнага ўніверсітэта «Львоўская палітэхніка», вядомы палітык, адна з лідараў партыі «Свабода» Ірына Фарыён. Яна была дэпутатам Вярхоўнай Рады Украіны. У яе рэпутацыя радыкальнага палітыка. А яшчэ яна — аўтарка папулярнай праграмы «Веліч асабістасці», у якой расказвае пра значных дзеячоў украінскай гісторыі.

На канферэнцыі Ірына Фарыён прачытала даклад пра аўтарскі стыль Івана Пулюя (1845—1918) — украінскага фізіка-электратэхніка і, адначасова, грамадскага дзеяча-незалежніка, які горача цікавіўся і моўнымі пытаннямі, пераклаў Біблію на украінскую мову. Як фізік, Пулюй вывучаў нязменныя прыродныя законы. А як грамадскі дзяяч, нацыяналіст, ён пераносіў фізічны закон захавання энергіі ці, як ён фармуляваў тое, «непрапашчай сілы» на свет духу, культуры, чалавечых зносін, сфармуляваўшы яго так: «Закон непрапашчай сілы ў свеце людскіх адносін, культуры — гэта праўда. Праўда не знікае. Дзе праўда — там мусіць быць перамога».

Сучасны ўзор украінскай вышыўкі Ірыне Фарыён спадабаўся.

У сваю чаргу, Ірына Фарыён «праўду мовы» абараняе з жарсцю.

Вечарам каля кастра — украінскія народныя песні ў чароўным выкананні луцкіх філолагаў. Свет вогнішча ставіць на абліччах свае акцэнты. Пані Фарыён раз за разам выцірае слёзы…

«Мовазнаўства — гэта гармонія», — казала, адкрываючы канферэнцыю, яе арганізатарка, загадчыца кафедры гісторыі і культуры мовы факультэта філалогіі і журналістыкі СНУ Святлана Богдан. 

Падчас экскурсіі «Скарбы Шацкага краю» ўдзельнікі мелі мажлівасць праехацца навакольнымі вёскамі, паслухаць мясцовыя гаворкі і цішыню восені, даведацца, як зберагаюць тут народную культуру.

…Вёска Адамчукі была прымусава адселеная з Буга ў канцы 1940-х гадоў падчас правядзення савецкай граніцы. Пані Галіна Галоўчанка захавала родную хату такой, якой яна была ў той час. Цяпер яна тут жыве, а яшчэ тут хатні музей вышыўкі, а яшчэ яна вучыць вясковых дзяцей ствараць вырабы з саломы.

Галіна Галоўчанка жыве сваім захапленнем.

А яго мы не патурбавалі…

Прафесар Святлана Богдан таксама пяшчотна захавала сядзібу сваіх бацькоў, вясковых настаўнікаў, такою, якою яна была ў часы яе дзяцінства. Інтэр’ер, яблыні ў садзе, клуня, нават пах дома… Увогуле, цяпер тут назірала тое, што раней бачыла ў Польшчы: калі на ўчастку будуецца новы сучасны катэдж, то гаспадары не руйнуюць старую беленую хатку, а пакідаюць яе побач.

Удзельнікі канферэнцыі каля бацькоўскай хаты прафесара Святланы Богдан у Смалярах Свіцязьскіх.

…Сярод удзельнікаў канферэнцыі — луцкая журналістка, таленавітая паэтэса Юля Фінкоўская. Яна самастойна вывучае беларускую мову, называе яе «мовай птушак» і піша па-беларуску светлыя вершы. Ясна, што ўдзельнікі з Беларусі размаўляюць з ёю па-беларуску, каб даць магчымасць моўнай практыкі. Пасля канферэнцыі яна напісала ў ФБ: «Якщо вперше в житті два дні поспіль розмовляти переважно білоруською, то на третій помічаєш, як внутрішні діалоги звучать в голові обома мовами одразу! І що дивно, то не втомлює навіть:)

А сёння на працы ўвесь час казала «вось» замест «ось». Ведаеце, гэтая беларуская — то лёгкі наркотык: чым больш яе вакол, тым больш хочацца! Дзякуй за гэтую магчымасць, новыя словы і новыя адценні значэнняў (абяцаю больш не блытаць вожыкаў і вужыкаў)».

…У сваіх дакладах удзельнікі з Брэста засяродзіліся на тапаніміцы родных для іх мясцін. Старшыня УНПС «Берагіня» расказаў пра выкарыстанне старажытнай назвы «Берасць» як паказчыка гістарычнай памяці, а Антон Дацкевіч і Аляксей Шумер — пра мікратапаніміку, адпаведна, сяла Пугачова, якое цяпер увайшло ў склад Брэста, і сёл Агароднікі і Ставы Камянецкага раёна.

…Бераг Свіцязі. Абсалютна нерухомая вада будзіць трывожнае пачуццё. Чароўнае возера мялее. Гавораць, гэта адбываецца з-за распрацоўкі Хаціслаўскага крэйдавага кар’ера, які знаходзіцца з беларускага боку мяжы і належыць Юрыю Чыжу.

Свіцязь мялее з-за распрацоўкі Хаціслаўскага крэйдавага кар’ера, які знаходзіцца з беларускага боку мяжы.

…Гэта былі насычаныя дні. Пленарныя паседжанні, цікавыя даклады, нефармальныя размовы, у тым ліку прэзентацыя беларуска-ўкраінскага альманаха «Справа». Гэта была гарачая філалогія. У тым самым, біблейскім сэнсе. «Будзьце гарачымі або халоднымі, а не цёплымі».

…З царквы ў Смалярах Свіцязьскіх выходзіць пажылая жанчына, і так яна нагадвае маю бабулю — абліччам, паставаю, вопраткай, — што, агаломшаная, я мімаволі прыпыняюся, каб паглядзець на яе даўжэй.

— А вітэ чого не йдэтэ разом з усіма до цэрквы? — пытаецца яна

— А на вас любуюся. Вельмэ вітэ хороша, — адказваю.

Мы размаўляем, і яе мова, і манера трымацца — паважлівая да суразмоўцы, але поўная годнасці — яшчэ больш узмацняе падабенства. А калі на развітанне яна кажа мне: «Едзь з Богам, дытынонько!» — таксама, як казала калісьці бабуля, то настае час расплакацца і мне…

…За два дні на Валыні не бачыла ніводнага п’янага, нікога, хто б курыў. І не чула ніводнага рускага слова. Уезд на памежны пераход «Тамашоўка» перакрыты вялізнымі жалезнымі шчытамі. Калі машына пад’язджае, яны хаваюцца ў зямлю, праехала — паднімаюцца зноў. І адсякаюць мову. «Здравствуйте. Таможенный контроль». У Брэсце ўкраінскую яшчэ чуеш на вуліцах, беларускую — у аб’явах у грамадскім транспарце.

Дома у Мінску застаю сына (7 клас) за прыгатаваннем урокаў. Вучыць рускую літаратуру, задалі на памяць вывучыць рускую народную лірычную песню. Не вучыцца — няма рыфмы.

— Мама, — кажа Тарас, — настаўніца сказала, што «для наших народных песен характерно отсутствие рифмы». А я падумаў, што мая любімая народная песня — «Там на гары два дубкі», і там цудоўная рыфма.

Са школьнай праграмы выкінулі дыферэнцыялы і інтэгралы, скарацілі вывучэнне хіміі і фізікі на год, але «наши песни», канешне, мусова вучыць на памяць.

Але нічога. І беларускую мову Тарас ведае выдатна, і хімічныя доследы ўмее праводзіць, і пра дыферэнцыялы, прыйдзе час, яму тата патлумачыць. А яшчэ мы з ім запісаліся на курсы ўкраінскай мовы пры Таварыстве беларускай мовы.

Наталка Бабіна, Валынь—Мінск. Фота Святланы Богдан і Юліі Фінкоўскай

Матеріал Наша Ніва

1 thought on “Гарачая, а не цёплая філалогія”

  1. Олексій сказав:

    Шчыты адсякаюць

Залишити відповідь

Ваша e-mail адреса не оприлюднюватиметься. Обов’язкові поля позначені *