Як на Камянеччыне дыскутавалі пра мову

Вашай увазе заканчэнне дыскусіі пра мову, якая публікавалася  ў канцы 80-х гадоў на старонках раёнкі Камянеччыны.

Хто супраць?
14 студзеня 1989 г.

Прачытаў матэрыял дыскусійнага клуба “Эмоцыі – добра, а доказы – лепш”, у якім прыводзіцца пісьмо ў рэдакцыю селькора У. А. Горася, (“Ленінец”, № 144). Шкада, што чалавек, які вырас на беларускай зямлі, не ведае беларускай літаратурнай мовы і, відаць, не жадае яе ведаць.     
         Мова – гэта культура народа. Ведаць адзіны свой дыялект і цурацца літаратурнай мовы – гэта значыць абядняць самога сябе.   
         За што Вы, Уладзімір Аляксандравіч, так пакрыўдзіліся на прыхільнікаў беларускай мовы? Вас апанаваў нейкі страх, што быццам кагосьці хочуць “абеларусіць”. Не турбуйцеся! Гэта ў часы панскай Польшчы рэлігійныя дзеячы, ксяндзы стараліся апалячыць беларусаў, гэта значыць, прымусіць адмовіцца ад сваёй рэлігіі, ад сваёй мовы. Хіба гэта мае штосьці агульнае з прапагандай нацыянальнай мовы? Да таго ж, калі я ведаю любую замежную мову, скажам, нямецкую, гэта зусім не значыць, што тым самым анямечыўся.
         Магчыма, Вы перажываеце за часы сталінізму, калі можна было за родную мову чалавека пасадзіць у турму, зрабіць ворагам народа, нават знішчыць. Альбо за часы застою, калі лічылася не вельмі дасціпным размаўляць на любой іншай мове, акрамя рускай .    
         Давайце ж спытаем адкрыта тых, хто працівіцца пашырэнню сферы карыстання беларускай мовай: вы – супраць росквіту ўсяго нацыянальнага, супраць пункта 4 рэзалюцыі “Аб міжнацыянальных адносінах” ХІХ партыйнай канферэнцыі, супраць перабудовы?

І. Жытко, г. Камянец

 

Без паспешлівасці, дыктату і прымусу.
Абмяркоўваем праект раённай праграммы “Родная мова”.
14 кастрычніка 1989 г.

         У сувязі з апублікаваннем раённай праграмы “Родная мова” хачу выказаць некаторыя заўвагі, прапановы, меркаванні.   
         Так, у пункце першым не ўказаны і не вызначаны  механізм вывучэння грамадская думкі па пытаннях функцыяніравання моў і культур. Некалькі допісаў у газету па гэтаму пытанню не могуць прэтэндаваць на выказванне меркавання ўсіх жыхароў раёна. Лічу, што вывучэнне грамадскай думкі ў раёне наогул знаходзіцца ў незадавальняючым стане. Невыпадкова гэтаму пытанню адведзена шмат увагі ў дакладзе першага сакратара райкома партыі С. М. Бурака на чарговым пленуме РК КПБ 11 верасня гэтага года. Таму ў пункт першы пасля слоў “… вывучаць грамадскую думку” прапаную дадаць “… шляхам апытання насельніцтва, анкеціравання або правядзення рэферэндумаў”. І далей па тэксту. Варта было б указаць і прозвішчы канкрэтных людзей, якія б адказвалі за гэту работу.        
         Як нядзіўна, але наогул абдзелена увагай украінская мова – мова зносін большасці тутэйшых жыхароў раёна і значнай частцы украінцаў з ліку прыезджых. Таму прапаную яшчэ адзін пункт праграмы: “З мэтай надання правільнай літаратурнай формы мясцоваму дыялекту – роднай гаворцы жыхароў раёна – адкрыць у школах факультатывы па вывучэнню украінскай мовы”.
         У пункце дзевятым ёсць такія словы: “… перавесці на беларускамоўны рэжым работы культурна-асветніцкія ўстановы”. Як гэта разумець? Хіба другім мовам у гэтыя ўстановы ўваход забаронены?     
         Значная частка пункта дзесятага супярэчыць рашэнню ХІХ Усесаюзнай партыйнай канферэнцыі, прадставіўшым права выбару мовы навучання. Супярэчыць гэта і Ленінскай думцы: “ Ніякіх прывілей ніводнай нацыі, ніводнай мове!”.      
         Пашырэнне сферы ўплыву беларускай мовы абгрунтавана. Але яно не павінна весціся шляхам выціснення іншых моў. А такая тэндэнцыя ў дзевятым і дзесятым пунктах відавочна, і яны патрабуюць істотнай дапрацоўкі.
         І яшчэ вось на што хацелася б звярнуць увагу. Міжнацыянальныя адносіны (а мова мае тут немалаважную ролю) у краіне рэзка абвастрыліся, месцамі справа даходзіць да трагічных вынікаў. Сфера гэта, як паказала жыццё, з’яўляецца крохкай, лёгкаранімай, лёгкаразбураемай і патрабуе да сябе далікатных, беражлівых, церпялівых і ўважлівых адносін. Паспешлівасць, фармалізм, дыктат і прымус могуць нашкодзіць.
         Усе мы сведкі таго, што адбываецца зараз менавіта на падставе моўных супярэчнасцей у рэспубліках Прыбалтыкі, у Малдавіі і іншых рэгіёнах краіны: забастоўкі, варожасць, нацыянальныя нелады, падазронасць і недавер’е ахапілі гарады і вёскі. І дапусціць нешта падобнае ў нашым раёне, стварыць для гэтага хоць мізерныя ўмовы і прычыны – недаравальна. Аб гэтым усім нам неабходна памятаць. Мовы павінны служыць збліжэнню людзей, а не наадварот.

У. Горась, слесар

Ад рэдакцыі. Слушныя прапановы ўнёс наш селькор У. Горась. Варта вывучаць і грамадскую думку ў раёне, і клапаціцца аб тым, каб у далікатнай сферы міжнацыянальных адносін не было перакосаў.       
         Вядома, вучоныя-філолагі павінны сказаць сваё слова адносна прыналежнасці мясцовага дыялекту. Увядзенне справаводства  на беларускай мове зусім не азначае, што другім мовам уваход забаронены, проста немагчыма дубліраваць дакументы на многіх мовах. Але дзе ж яшчэ быць дзяржаўнай беларускай мове, як не ў Беларусі?

 

Чаго чакаем?
Водгукі на артыкул У. А. Горася “Палешукі мы, не беларусы…” (№ 154, ад 26 снежня 1989 г.)
11 студзеня 1990 г.

         Прачытаў артыкул “Палешукі мы, не беларусы…” Назва інтрыгуючая. Але адказ на пастаўленыя пытанні доўга шукаць не давялося. Згодна з аўтарам, што ў кожным раёне, нават у кожнай вёсцы ёсць свой дыялект. І назву гэтым гаворкам можна даць: камянецкая, пружанская, маларыцкая і г. д. Але ж тут жывуць беларусы, гэта зразумела мне, хоць я не вучоны і не даследчык, а назва “палешукі” – ад слова “Палессе”, так называюць беларусаў, якія жывуць на Палессі, размаўляюць на своеасаблівым дыялекце.
         Лічу, што палешукі маюць права і гаварыць, і песні спяваць на сваім дыялекце, але ніяк не могуць прэтэндаваць на прыярытэт іх мовы ў Беларусі, тым больш на нейкую “самастойнасць”. Калі іх паслухаць, дык атрымліваецца, што кожнай групе людзей са своеасаблівай гаворкай трэба патрабаваць самастойнасці, аддзялення.     
         Варта толькі адзначыць актыўнасць членаў згуртавання “Палессе”, якія так настойліва змагаюцца за адраджэнне сваёй мовы і культуры, хоць гэта – наш агульнанацыянальны здабытак.   
         Як жа мы, беларусы, змагаемся за адраджэнне беларускай мовы? Нядаўна апублікаваны праект закона аб мовах Беларусі. Смеху варта: устаноўлены тэрмін ад трох да дзесяці год на вывучэнне… роднай мовы. Ды за гэты час можна вывучыць некалькі замежных моў, а сваю родную зусім забыць.
         У нас у раёне ўтворана суполка таварыства беларускай мовы. Але яна нічога, па-мойму, не робіць. Чаго ж чакаюць са жніўня мінулага года, калі быў створаны камітэт? Ці не ўказанняў зверху па старой звычцы? А да якога часу будзем чакаць апублікавання праекта праграмы “Спадчына”?

І. Жытко, г. Камянец

Залишити відповідь

Ваша e-mail адреса не оприлюднюватиметься. Обов’язкові поля позначені *

Залишити відповідь

Ваша e-mail адреса не оприлюднюватиметься. Обов’язкові поля позначені *