Як у канцы 80-х на Камянеччыне дыскутавалі пра мову

 У часы перабудовы у камянецкай раённай газеце “Ленінец” (сёння “Навіны Камянеччыны”) вялося абмеркаванне пашырэння ўжытку беларускай мовы. Жыхар вёскі Вялічкавічы Камянецкага раёна Берасцейскай вобласці Горась Уладзімір Аляксандравіч намагаўся звярнуць увагу актыўных  грамадзян на мову, якой карыстаецца карэннае насельніцтва раёна, і тым самым паказаць неабходнасць карэктыроўкі моўнай палітыкі на Камянеччыне. На старонках выдання разгарнулася дыскусія. 


Ва ўмовах білінгвізму

Працягваем дыскусію па артыкулу “Школа і беларуская мова”
(№ 4 ад 9 студзеня 1988 г.)
28 ліпеня 1988 г.

         Прайшло больш як паўгода з дня апублікавання ў “Ленінцы” артыкула “Школа і беларуская мова”, а ў рэдакцыю хоць не так часта, але ўсё яшчэ паступаюць пісьмы, у якіх чытачы выказваюць свае думкі па закранутых пытаннях. Так што рана яшчэ падводзіць вынікі завочнай дыскусіі чытачоў, тым больш, што не так проста даць адназначныя адказы на складаныя пытанні дыялектыкі нацыянальнага і інтэрнацыянальнага развіцця моў і культур ва ўмовах білінгвізму (двухмоўя). Невыпадкова ХІХ канферэнцыя КПСС прыняла рэзалюцыю “Аб міжнацыянальных адносінах”. Аб нацыянальных праблемах (у гады застою лічылася, што іх у нашай краіне не існуе) пішуць цяпер амаль ва ўсіх газетах і часопісах, прычым, выказваюцца самыя розныя меркаванні. Нядзіўна, што і наша дыскусія закранае больш шырокае кола пытанняў, чым праблема выкладання беларускай мовы ў школе. Шкада толькі, што на мой артыкул, які сустрэў станоўчы водгук у райана, адгукнулася пакуль толькі адна настаўніца.         
         Аднак вернемся да рэдакцыйнай пошты. З яе я выбраў пісьмо, якое, на мой погляд, здольна стаць тым каталізатарам, што дапаможа ажывіць нашу дыскусію. Піша нам селькор з Вялічкавіч У. Горась. Свой допіс ён назваў “На якой мове размаўляць?”. Прыводжу тэкст пісьма, крыху скарочанага, вядома, у перакладзе на беларускую мову, таму што пісьмо напісана па-руску, але спадзяюся, што цалкам захаваў і думкі аўтара, і яго стыль.

         “У апошні час у газеце “Ленінец”, – піша У. Горась, – з’явілася некалькі публікацый, аўтары якіх выказваюць свае меркаванні адносна выкладання беларускай мовы ў школах раёна. Прапануецца тут амаль што ўсё “абеларусіць”, нават падручнікі па іншых прадметах, пры гэтым прыводзяць адзіны аргумент: калі мы называемся беларусамі, значыць, усё ў нас павінна быць беларускім. Ставіць пытанне так – значыць не лічыцца з існуючымі рэальнасцямі. А яны такія: у нашым раёне беларускай мовай карыстаецца нязначны працэнт насельніцтва. Абсалютная большасць з даўніх часоў карыстаецца дыялектам, які многія пакаленні ўвабралі ў сябе з малаком маці, які для іх з’яўляецца родным і цалкам іх задавальняе. І дыялект гэты на 80 працэнтаў, калі не больш, стаіць бліжэй да украінскай, чым да беларускай мовы. Так ужо склалася гістарычна, хоча гэтага хто ці не: некаторыя раёны Беларусі не карыстаюцца беларускай мовай і зусім аб гэтым не шкадуюць.   

З правага боку – Горась У. А.

         Другой, найбольш роднай і блізкай пасля дыялекту, для нас з’яўляецца руская мова, на ёй, дарэчы, вядуцца дзелавыя паперы, і гэта ўсіх задавальняе. Беларуская мова, хоць і лічыцца нацыянальнай, пасля вывучэння яе ў школе як абавязковага прадмета праграмы, тут жа забываецца, ёй мала хто карыстаецца. Як і ўсякая нязвыклая мова, яна не простая для чытання, пісьма, засваення. Пра багацце і прыгажосць беларускага слова гаварыць не будзем – гэтыя ўласцівасці належаць кожнай мове. Не буду аспрэчваць і безумоўную карысць вывучэння беларускай мовы – не шкодзіць б ведаць усе мовы свету, уключаючы эсперанта. А вось наколькі гэта неабходна, што думае наконт гэтага грамадскасць, варта пацікавіцца, каб пазбегнуць перакосаў і памылак. Ці варта такія няпростыя самі па сабе навукі як матэматыка, фізіка, хімія і іншыя засвойваць нашымі вучнямі на нязвыклай мове?
         Сцвярджэнне, што няведанне мовы прывядзе і да няведання беларускіх класікаў, нацыянальнай культуры, гісторыі роднага краю не мае дастаковых пастаў. Тут усё залежыць ад інтэлекту, эрудыцыі, ці ўнутранай культуры кожнага.
         Асабіста мне давялося прайсці поўны курс беларускай мовы па праграме васьмігодкі. Я цаню багацце, непаўторнасць беларускага слова, літаратуры, чытаю, пішу і размаўляю па-беларуску без старонняй дапамогі, і ўсёж яна мне цяжкаватая. Тым не менш, ведаю К. Чорнага, М. Лынькова гэтак жа як Р. Гамзатава і Ч. Айтматава. Так што, не ўступаючы ў спрэчку з людзьмі, кампетэнтнымі адносна неабходнасці “абеларусвання” школ у нашым раёне, усё ж хацеў бы выказаць просьбу: Дазвольце самім людзям вырашаць, якую мову лічыць роднай, якой карыстацца ў паўсядзённым жыцці.        
         Усяго самага добрага!”      

         Вось такое пісьмо нераўнадушнага чалавека. Ці ўсё ў яго думках правільна? Урэшце, аўтар і не прэтэндуе на “ісціну ў апошняй інстанцыі”, ён выказвае свае меркаванні, піша шчыра, зацікаўлена, а гэта галоўнае ў дыскусіі. Таксама не навязваючы свайго погляду, паспрабую ўсё ж  з нечым згадзіцца, а з чымсьці – не. Але спачатку адкажу на пытанне, вынесенае аўтарам у загаловак: “На якой мове размаўляць?”. Шчыра кажучы, мяне яно здзівіла, бо любы школьнік можа дакладна адказаць на гэта словамі нашай Канстытуцыі. У артыкуле 34 Асноўнага Закона БССР, дзе ідзе гаворка пра роўныя правы грамадзян, запісана, што “ажыццяўленне гэтых правоў забяспечваецца… магчымасцю карыстацца роднай мовай і мовамі іншых народаў СССР”. Так што, паважаны Уладзімір Аляксандравіч, тут усё залежыць ад Вашага выбару. Вядома, трэба ўлічваць толькі адно: ці зразумее гэту мову субяседнік, ці зручная яна для яго.
         Я цалкам згодны з Вашымі разважаннямі наконт асаблівасцей роднай мовы ў нашым раёне, дарэчы, аб гэтым і сам пісаў у артыкуле “Школа і беларуская мова”. (Між іншым, некаторыя раённыя газеты Брэстчыны ўжо спрабуюць частку матэрыялаў змяшчаць на дыялекце. Але тут ёсць складанасці – дыялекты ў кожнай мясцовасці адрозніваюцца, бывае, нават у суседніх вёсках).    
         А вось наконт 80 працэнтаў украінізмаў не рашуся сцвярджаць, бо не рабіў такіх дакладных падлікаў. Пэўна, і Вы ўзялі гэтую лічбу адвольна. А ў навуцы (лінгвістыка – таксама навука) рабіць гэта проста непрыстойна, калі яе паважаеш. Іншая справа, нагадаць, што тры ўсходнеславянскія мовы – руская, украінская і беларуская – мовы-сёстры, яны – самыя блізкія і родныя – такую думку не будзе аспрэчваць ніводны лінгвіст.    
         У сваім пісьме У. Горась расказаў пра ўласныя цяжкасці пры вывучэнні беларускай мовы: маўляў, мова гэтая цяжкая, нязвыклая, яна хутка забываецца. Але ці варта з асабістых перажыванняў рабіць абагульненні за ўсіх? Тут таксама наўрад ці можна згадзіцца з аўтарам. Тым больш, што мне ў час выкладання ў школе і беларускай, і рускай моў зыходзячы з практыкі, такі вывад зрабіць нельга. Не чуваць такіх скаргаў і ад другіх выкладчыкаў беларускай мовы. Добра, што У. Горась знаёмы з беларускімі класікамі, але ведаю і другое: наколькі абядняе сябе той, хто прачытае, напрыклад, “Каласы пад сярплм тваім” ці любы іншы твор У. Караткевіа ў перакладзе. Нават для тых, хто гаворыць на дыялекце, беларуская – не англійская, сапраўды для нас цяжкая мова, каб чытаць беларускіх аўтараў, як і таго ж Шэкспіра, у перакладзе на рускую. І ўжо зусім не згодны з аўтарам пісьма ў тым, што гаворачы пра неабходнасць вывучэння беларускай мовы, яе прыхільнікі прыводзяць адзіны аргумент: калі мы называемся беларусамі, значыць, усё ў нас павінна быць беларускім. Калі ўжо зацікавіла гэта праблема, дык варта усё ж пачытаць шматлікія публікацыі ў розных газетах і часопісах нашай рэспублікі па гэтай тэме, дзе аргументаў больш чым дастаткова. Узяць хоць бы артыкул “Глыбокія карані” інжынера Н. Сяргеева з Мінска, апублікаваны сёлета ў сёмым  нумары часопіса “Политический собеседник”. Мне спадабаўся вывад мінчаніна: “Крайнасці ж, як вялікарускі шавінізм, так і беларускі сепаратызм, вядуць да супярэчнасцей і тупіку… Зараз патрэбна не супрацьпастаўляць родныя мовы адна другой, а выратоўваць іх абедзьве ад іншаземнага славеснага нашэсця”.  
         Памятайце, як трапна сказаў Расул Гамзатаў: “Мова мове не вораг”. Тым больш, калі яны суседзі і родныя сёстры. Усё залежыць ад нашых адносін, ад нашай кампетэнтнасці і правільнага разумення ленінскіх патрабаванняў у пытаннях нацыянальнага і інтэрнацыянальнага. У. І. Ленін не падлічваў працэнт насельніцтва, якое карыстаецца той ці іншай мовай, а па-бальшавіцку справядліва абвясціў права кожнага народа на карыстанне роднай мовай.   
         А хіба быў натуральным працэс знікнення беларускай мовы, калі, як піша студэнт Ю. Барташэвіч у газеце “Знамя юности” (№ 117 ад 17 чэрвеня г. г.), “… у трыццатыя гады дастаткова было размаўляць на роднай мове, каб чалавека адправілі ў Сібір, як ворага народа”, калі падвяргаліся ганенням выкладчыкі і пісьменнікі, беларуская мова была выцеснена з дзяржаўных устаноў і не стала рабочай там нароўні з рускай да гэтай пары. “Вось і атрымліваецца, – піша Ю. Барташэвіч, – што навучанне на роднай мове ніхто не забараняе, але і дазволу на гэта не дае. Па-мойму, гэта не з’яўляецца вырашэннем нацыянальнага пытання. Настаў час паглядзець праўдзе ў вочы”.
         У заключэнне нагадаю радкі з рэзалюцыі ХІХ канферэнцыі КПСС “Аб міжнацыянальных адносінах”: “Заахвочваць вывучэнне мовы народа, імем якога названа рэспубліка, пражываючымі на яе тэрыторыі грамадзянамі другіх нацыянальнасцей, у першую чаргу дзецьмі і моладдзю. Усё гэта не павінна супрацьпастаўляцца дэмакратычным прынцыпам свабоднага выбару мовы навучання”. 
         А якія вашы меркаванні па тэме дыскусіі, паважаныя чытачы? Чакаем вашых пісьмаў!

Г. Парафянюк, супрацоўнік газеты “Ленінец”

 

Працяг будзе

1 thought on “Як у канцы 80-х на Камянеччыне дыскутавалі пра мову”

Залишити відповідь

Ваша e-mail адреса не оприлюднюватиметься. Обов’язкові поля позначені *

1 thought on “Як у канцы 80-х на Камянеччыне дыскутавалі пра мову”

Залишити відповідь

Ваша e-mail адреса не оприлюднюватиметься. Обов’язкові поля позначені *